Украінцы разлюбілі беларусаў? Псіхолаг лічыць, што гэта не так
Антываенная акцыя ля амбасады Беларусі ў Варшаве / Еврорадио
Беларусам не варта лічыць, што адносіны з украінцамі сапсаваныя назаўжды. Але частку віны за тое, што адбываецца, мы павінны ўзяць на сябе.
— Ствараць уяўленне пра стаўленне да чагосьці па сацсетках не варта. Стаўленне да беларусаў ва ўкраінцаў добрае. І яны выдатна разумеюць складанасці, якія адчувае канкрэтны чалавек, які знаходзіцца ў вельмі складаных умовах, звязаных з магчымасцю прымянення да яго гвалту. Таму ў многіх украінцаў працэсы, якія праходзяць у нас у краіне, выклікаюць пачуццё шкадавання і жаданне падтрымаць.
Але частку адказнасці за вайну беларусы павінны ўзяць на сябе. І ў нас ужо з'явіўся шанц адчуць, што свет пачынае ўспрымаць нас як саўдзельнікаў інтэрвенцыі. Хай пакуль што і ўскосных.
— Але як толькі мы пачнём непасрэдна ўдзельнічаць у вайне, мы адчуем яшчэ больш негатыўнае стаўленне. А чалавек павінен клапаціцца ў тым ліку пра павагу з боку навакольных.