Ул. Лабковіч: Мы не выключаем вялікай фінансавай праверкі партыі

Пасля зацікаўлення даходамі апазіцыйных дзеячоў і праваабаронцаў, падаткавая служба пачала цікавіцца офісамі беларускіх апазіцыйных партый. У Партыі БНФ не выключаюць "вялікай фінансавай праверкі".
Нагадаем, падаткавікі зрабілі запыт наконт штатнага раскладу сядзібы Партыі БНФ, а таксама запыталіся, ці атрымліваюць заробак тыя, хто там працуе. Фронтаўцы адказалі, што працуюць выключна на грамадскіх пачатках.

Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё кіраўнік арганізацыйна-праўнай камісіі Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч:

"У гэтай сітуацыі мы не выключаем, што будзе вялікая фінансавая праверка і ўсёй партыі ў цэлым. Мы гэта разглядаем, як ціск у сувязі з палітычнай кампаніяй, якая цяпер разгортваецца ў Беларусі. І найперш гэта ўсё робіцца для таго, каб мы былі вымушаныя спыніць усялякую дзейнасць па падрыхтоўцы да ўдзелу ў выбарах, а толькі займаліся выключна перапіскамі, заявамі, зваротамі".