Урад даручыў распрацаваць новыя адукацыйныя стандарты і абнавіць дзейныя
Урад даручыў міністэрству адукацыі да 2020 года распрацаваць новыя адукацыйныя стандарты для "найбольш поўнага забеспячэння патрэб эканомікі ў кваліфікаваных кадрах з улікам змяненняў, якія адбываюцца на рынку працы" і абнавіць дзейныя. Гэта прадугледжана комплексам мер па рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады, інфармуе БелаПАН.
У адпаведнасці з пастановай № 18 Саўміна ад 12 студзеня 2017-га, прадугледжваецца абнавіць не менш за 40% стандартаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама не менш за 15% стандартаў вышэйшай адукацыі. Плануецца абнавіць агульнадзяржаўны класіфікатар "Спецыяльнасці і кваліфікацыі", у які будуць уводзіцца новыя прафесіі і пасады, анулявацца састарэлыя. У сістэме дадатковай адукацыі плануецца стварыць і зацвердзіць нарматыўную прававую базу па развіцці дыстанцыйнай формы навучання для дарослых.
Таксама "ў мэтах забеспячэння росту якасці і даступнасці адукацыі" плануецца да канца 2018-га ўвесці абноўленую вучэбную праграму дашкольнай адукацыі. Да 2020 года павінны быць распрацаваны і ўкаранёны электронныя адукацыйныя рэсурсы і сродкі навучання, якія будуць ісці ў якасці дадатку да базавых падручнікаў. З гэтай мэтай да 2020-га плануецца аснасціць сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем не менш за 40% школ.
Сёлета стаіць задача забяспечыць у школах магчымасць вывучэння вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў рамках профільнага навучання.
Міністэрству адукацыі і Міністэрству замежных спраў даручана стымуляваць развіццё супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з замежнымі навучальнымі ўстановамі. Таксама неабходна стварыць нарматыўна-прававы дакумент, які б рэгуляваў парадак утварэння, функцыянавання і спынення дзейнасці адасобленых падраздзяленняў беларускіх устаноў адукацыі за мяжой.