Ураджэнец Беларусі стаў каралём рытэйлу Аўстраліі
Ураджэнец беларускага горада Бабруйск стаў каралём рытэйлу Аўстраліі. Руслан Коган пераехаў на далёкі кантынент ва ўзросце 6 гадоў. Цяпер яму 33.
Як піша slon.ru, яшчэ ў школе Коган стаў зарабляць грошы (перапрадаваў знойдзеныя мячы для гольфа, займаўся дызайнам сайтаў). Пасля ўніверсітэта ён працаваў у кансалтынгавай кампаніі. Аднойчы ў яго з'явіліся "лішнія" грошы і Руслан Коган патраціў іх на пакупку дарагіх тэлевізараў. Кожны з іх каштаваў 5 тысяч долараў, але малады чалавек знайшоў у Азіі кампанію, якая выпускала тэхніку для вядомага брэнда. Ён прадставіўся рытэйлерам і ўгаварыў яе прадстаўнікоў прадаць яму партыю тэлевізараў па 1 тысячы долараў за асобнік. Іх ён прадаў па 2 тысячы.
Пасля гэтага Коган сышоў з працы і вырашыў заняцца ўласным бізнесам. Яго кампанія з часам стала анлайн-рытэйлерам, які ў Аўстраліі расце хутчэй за іншых. Руслан Коган апярэдзіў канкурэнтаў, калі хутка засвоіў інтэрнэт-гандаль і стаў наўпрост працаваць з кітайскімі пастаўшчыкамі. Бізнесмен увёў уласную мадэль адносінаў з імі. Замест таго, каб дамаўляцца аб эксклюзіўнай вытворчасці, ён стварыў сістэму анлайн-таргоў. Усе пастаўшчыкі могуць бачыць яго замовы і ўмовы, якія прапануюць іх канкурэнты, уключна з цэнамі, магчымасцю крэдытавання і коштам дастаўкі.
200 чалавек у кампаніі ўраджэнца Беларусі адсочваюць інтарэсы спажыўцоў у рэальным часе. Калі яны заўважаюць, што шмат людзей раптам сталі шукаць праз Google пэўную мадэль тэлевізара, кампанія адразу ж павялічвае замовы на гэтую мадэль. Акрамя Аўстраліі, Коган мае поспех у Новай Зеландыі і Вялікабрытаніі.
Яшчэ 10 гадоў таму бізнесмен кіраваў сваёй маладой кампаніяй з бацькоўскага дома ў Мельбурне. Праз 5 гадоў ён прадаў тавараў на 14 мільёнаў долараў. А сёлета Руслан Коган ацэньвае аб'ём продажаў на суму 365 млн долараў. У 2011-м ён зарабіў ужо $145 млн і з'яўляўся самым заможным прадпрымальнікам у Аўстраліі сярод тых, каму яшчэ не было 30 гадоў. На сённяшні дзень, па звестках Businessweek, Коган "каштуе" 250 мільёнаў долараў.