Узнагароджаныя пераможцы конкурсу БАЖ "ФотоPositive"

1 чэрвеня ў Мінску прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) "ФотоPositive". Мерапрыемства адбылося ў офісе БАЖ. БАЖ пачаў гэты конкурс у Міжнародны дзень свабоды прэсы – 3 траўня. У гэты дзень асацыяцыя прапанавала аматарам фота зрабіць на працягу сутак пяць каляровых фотаздымкаў і прыслаць іх на інтэрнет-адрас БАЖ. Фотаздымкі павінны былі быць яркія, інфарматыўныя, пазітыўныя.

"Пераможцаў мы вызначылі 17 траўня – у гэты дзень у 1861 годзе з'явіўся першы каляровы фотаздымак. А паколькі конкурс у нас пазітыўны, дык мы вырашылі ўручыць узнагароды ў першы дзень лета", - зазначыў вядучы сустрэчы, рэдактар інтэрнет-газеты "Салідарнасць" Аляксандр Старыкевіч.

На конкурс паступіла больш за 85 фотаздымкаў. Трэцяе месца на конкурсе заняў Павел Міцкевіч (Гомель), другое – Валерый Казюмінскі (Мінск), першае –- Павел Бераснеў (Мінск). Акрамя іх прызамі былі адзначаныя Ганна Ільіна (Магілёў) і намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, які таксама ананімна ўзяў удзел у конкурсе.

"БелаПАН"