В. Булгакаў: Рэжым працуе ў звыклай манеры - крок наперад, два - назад

Адзін з нумароў недзяржаўнага часопіса "ARCHE", дзесяць асобнікаў якога былі канфіскаваныя брэсцкімі мытнікамі, можа быць прызнаны "экстрэмісцкім". Упраўленне КДБ па Брэсцкай вобласці знайшло ў змесце выдання "наяўнасць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і прапаганды такой дзейнасці". Справу часопіса разгледзіць суд Маскоўскага раёна Брэста.  Галоўны рэдактар "ARCHE" Валерый Булгакаў кажа, што пакуль дакладна не ведае, у якіх матэрыялах была знойдзеная "крамола". Нумар прысвечаны гісторыі Беларусі, у ім усяго некалькі тэкстаў, якія закранаюць палітычныя працэсы, ды рэцэнзія кінакрытыка Андрэя Расінскага на фільм "Катынь" Анджэя Вайды, у якой дзейнасць чэкістаў і фашыстаў ставіцца ў адзін шэраг.

Валерый Булгакаў: "З пункту гледжання экспертызы, праведзенай берасцейскім КДБ, любы нумар  "ARCHE" за гэты год можна было б з роўным поспехам прызнаваць "экстрэмісцкім". Бо  "ARCHE" піша пра палітыку, не абмінаючы нейкіх вострых кутоў".

Паводле Булгакава, выпадак з часопісам сведчыць пра тое, што спадзяванне на лібералізацыю ў сферы СМІ "вельмі наіўныя і заўчасныя":

"Такія інцыдэнты сведчаць, што лукашэнкаўскі рэжым працуе ў звыклай для сябе манеры - адзін крок наперад, два - назад".

Рашэнне экспертызы па канфіскаваным нумары "ARCHE" будзе аспрэчвацца ў судовым парадку.