В. Карняенка: Улады правалілі чарговы тэст на лібералізацыю

"Улады правалілі чарговы тэст на лібералізацыю выбарчай кампаніі", - такую заяву зрабіў каардынатар кампаніі "За свабодныя выбары" Віктар Карняенка, каментуючы вынікі фармавання акруговых выбарчых камісій. Карняенка раскрытыкаваў падыходы ўладаў пры іх фармаванні.  Ён выказаў здзіўленне, што для працы ў камісіях "не падыйшлі" былы кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч, былыя міністры Аляксандр Сасноў і Павел Казлоўскі.

Таксама Віктар Карняенка адзначыў, што ў камісіі патрапілі тыя прадстаўнікі АДС (а іх, паводле яго падлікаў, усяго 35), якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах і звязаныя з імі кантрактам, што дае магчымасць уладам ціснуць на іх.

Каардынатар кампаніі "За свабодныя выбары" лічыць, што нават у такой сітуацыі варта працягваць працу, каб "адлюстраваць непразрыстасць і недэмакратычнасць выбараў".

БелаПАН