Ва Украіне пенсію можна будзе атрымаць у спадчыну

Украіна пераходзіць на накапляльную пенсійную сістэму. У 2017 годзе яна стане абавязковай для ўсіх грамадзян, маладзейшых за 35 гадоў. На першым этапе рэформа закране 6 мільёнаў украінцаў. Штомесяц на іх асабісты рахунак будзе паступаць пэўная сума — спачатку 2% ад заробку, а далей кожны год адсотак будзе расці, пакуль не дасягне 7% у 2022 годзе.

Пры гэтым агульная сума сацыяльных адлічэнняў не зменіцца і будзе проста пераразмеркаваная на розныя рахункі. Частка адлічэнняў будзе ісці на ўтрыманне пенсіянераў па традыцыйнай салідарнай сістэме, інфармуе УНІАН.

Адметна, што назапашаныя пенсійныя актывы чалавека могуць атрымаць у спадчыну яго сваякі, калі ён памрэ, не дажыўшы да пенсіі.