Ва Украіне прайшлі беспарадкі пасля наезду БМД на жанчыну і дзяцей (відэа)
Натоўп раз'юшаных людзей перавярнуў машыну, кідаў камяні ў вайсковыя аўтамабілі.
У горадзе Канстанцінаўка Данецкай вобласці, які кантралюецца ўкраінскімі вайскоўцамі, прайшлі масавыя беспарадкі. Учора БМД украінскай арміі наехала на групу пешаходаў. У выніку, загінула 7-гадовая дзяўчынка, жанчына, якая была з ёй, і немаўля шпіталізаваныя.
Як інфармуе УНІАН, на месцы трагічнага здарэння сабраўся стыхійны мітынг. Людзі паводзілі сябе агрэсіўна, кідалі камяні ў вайсковыя аўтамабілі, якія праязджалі па гарадскіх вуліцах. Натоўп (у ім было каля 100 чалавек, пераважна маладых людзей) пайшоў да інтэрната, дзе жывуць украінскія вайскоўцы. Там былі запаленыя шыны, у вокны паляцелі камяні. Людзі патрабавалі выдачы вайскоўцаў, якія ўчынілі аварыю. Тых байцоў, якія былі ў БМД (а іх адразу ж затрымалі), праваахоўнікам давялося вывезці ў Краматорск, інакш яны былі пад пагрозай самасуда. Мінабароны Украіны абяцае пакараць вайскоўца, які вінаваты ў наездзе на пешаходаў.
Стыхійны мітынг працягваўся да позняй ночы, паведамляе ТСН.
Украінскія праваахоўнікі заявілі, што беспарадкі ў Канстанцінаўцы былі арганізаваныя "сепаратыстамі", якія выкарысталі трагедыю ў сваіх мэтах. Іх арганізатар ужо выяўлены, яго шукаюць.


Фота: УНІАН, Facebook