Вакаліст Korn рушыць у сольны тур

Вакаліст Korn Джонатан Дэвіс анансаваў даты новага турнэ па Еўропе, у якое ён рушыць без сваіх калег па камандзе.

Летась музыка адыграў серыю сольных канцэртаў у ЗША і быў настолькі ўражаны прыёмам публікі, што вырашыў працягнуць эксперымент і пацешыць яшчэ і сваіх еўрапейскіх фэнаў.

Падчас гастроляў Дэвіс абяцае выканаць як класічныя песні Korn, так і рэдкія кампазіцыі, у тым ліку бі-сайды і кавэр-версіі. Акрамя таго, музыка плануе прадставіць слухачам песні з фільма «Queen of the Damned», саўндтрэк для якога запісваў і прадзюсаваў самастойна.

Паводле словаў Джонатана Дэвіса, ён «даўно марыў выйсці на сцэну з гэтымі песнямі, але да мінулага годf такой магчымасці не з'яўлялася. А выкананне іх падчас амерыканскага тура прыцягвала вялікую колькасць слухачоў нягледзячы на маленькія залы».

Суправаджаць Дэвіса ў гэтым турнэ будуць запрошаныя музыкі, якія не маюць ніякага дачынення да Korn: паплечнікі вакаліста будуць у гэты час адпачываць пасля тура гурта па Паўднёвай Амерыцы і Аўстраліі, які скончыцца ў канцы красавіка. А першы выступ сольных гастроляў Джонатана Дэвіса адбудзецца 20 траўня ў Варшаве.

Паездка ахопіць амаль 30 гарадоў дванаццаці краінаў Еўропы: Польшчы, Нямеччыны, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Нідэрландаў, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі і Ірландыі.

Паспее музыка выступіць і на некалькіх фэстах - у тым ліку галандскім Pinkpop Festival, нямецкім Rock Am Ring, аўстрыйскім Nova Rock і брытанскім Download.

Фінальнай датай турнэ на сёння заяўленае 27 чэрвеня, аднак лідэр Korn не выключае, што калі яго пажадаюць убачыць дзесьці яшчэ, то гастролі будуць працягнутыя.

Фота: blogs.orlandosentinel.com