Валянцін Стэфановіч: Баюся, апраўдальных прысудаў не будзе

Як заявіў Валянцін Стэфановіч у жывым эфіры Еўрарадыё, рашэнне прымалася толькі на падставе пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы і відэаматэрыялах. Прычым нават з кадраў відэахронікі не вынікае, што Парфянкоў біў шкло і ламаў дзверы Дома ўрада.

Звяртае ўвагу праваабаронца і на "паскораныя тэмпы" працэсу, які завяршыўся за адзін дзень. Хоць "артыкул сур'ёзны, вырашаўся лёс чалавека".

"Баюся, што апраўдальных прысудаў мы не пабачым, і ўсе абвінавачаныя па справе аб масавых беспарадках будуць асуджаныя", — рэзюмаваў Стэфановіч.

Нагадаем, суд Фрунзенскага раёна Мінска сёння асудзіў Васіля Парфянкова да 4 гадоў зняволення ў калоніі строга рэжыму. Парфянкоў абвінавачваўся па ч.2 арт.293 КК (удзел у масавых беспарадках). Ён таксама павінен выплаціць па грамадзянскім пазове цягам месяца з дня пачатку дзеяння прысуду Br14, 048 млн (каля $4,7 тыс.) у якасці кампенсацыі выдаткаў на аднаўленне пабітага шкла і дзвярэй Дома ўрада, а таксама зялёных насаджэнняў.