Васілевіч не стаў займацца просьбай аб пераводзе Някляева ў лякарню

Генпракуратура не стала разглядаць па сутнасці зварот беларускіх пісьменнікаў перавесці экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева ў шпіталь. Яшчэ 30 снежня Алесь Разанаў, Васіль Зуёнак, Валянцін Акудовіч, Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў і іншыя вядомыя беларускія літаратары звярнуліся з такой просьбай да Генпракурора Рыгора Васілевіча. Неабходнасць пераводу Някляева з СІЗА КДБ у лякарню яны матывавалі пагаршэннем стану здароўя паэта.

У атрыманым днямі адказе начальнік упраўлення Генпракуратуры па наглядзе за працэсуальнай дзейнасцю органаў унутраных спраў Я. Сіняк паведаміў, што зварот перанакіраваны для разгляду пракурору Мікалаю Куліку, піша "Беларускі партызан".