Вайна за імідж Кітая: Кампартыя супраць праваабаронцаў

Летняя Алімпіяда ў Пекіне і падзеі ў Тыбеце вывелі Кітай у цэнтр увагі СМІ па ўсім свеце. Таму і сталі бачныя некаторыя нестыкоўкі ў іміджы гэтай традыцыйна закрытай краіны. Атрымліваецца, што ёсць як бы два Кітаі. Адзін – створаны не без дапамогі тых жа СМІ, які існуе ва ўяўленні турыстаў і дыпламатаў. Іншы Кітай – не прызначаны для рэпартажаў і турыстычных маршрутаў. Гэта зусім іншая краіна. Першы Кітай рыхтуецца да Алімпіяды. У другім адбываюцца шырокамаштабныя арышты тых, хто можа сваімі дзеяннямі сапсаваць імідж дзяржавы. Першы Кітай абяцаў залагодзіць справу з правамі чалавека да Гульняў, і сусветная супольнасць проста не дадумалася ўдакладніць, якім чынам гэта будзе зроблена.

Праваабаронцы не перастаюць верыць у шчырасць кітайскіх камуністаў. На думку Сяргея Нікіціна, прадстаўніка Amnеsty International у СНД, кожная краіна, якая прымала Алімпійскія Гульні, была вымушаная правесці пэўныя ўнутраныя пераўтварэнні:

“Краіна, якая прымае Алімпійскія гульні, павінна выканаць шэраг патрабаванняў, як то экалогія, транспарт для спартсменаў і, канешне, парушэнне правоў чалавека ў краіне. Вось Кітай шчыра абяцаў, што адбудуцца змены ў сітуацыі з правамі чалавека. Іншае пытанне, што ў Кампартыі Кітая зусім іншы погляд на сітуацыю з правамі чалавека ў КНР”.

На практыцы ж пакуль выходзіць вельмі проста: кожны, хто не задаволены сваімі правамі, павінен знікнуць або на час Гульняў, або зусім – як атрымаецца. Толькі на сённяшні дзень уладамі Кітая афіцыйна прызнаная статыстыка: 1200 палітзняволеных і 120 тысяч зняволеных у працоўных лагерах паслядоўнікаў забароненага ў Кітае вучэння Фалуньгун.

Сітуацыя вельмі нагадвае Берлінскую Алімпіяду 1936 года. Па словах прафесара гістарычнага факультэта БДУ Пятра Шупляка, на той час у свеце гэтаксама мала верылі ў існаванне канцэнтрацыйных лагераў у Нямеччыне:

“Безумоўна, Алімпіяда 1936 года палепшыла імідж Нямеччыны. Аднак на той час Трэці Райх яшчэ не стаў такім, якім яго пабачыла Еўропа падчас Другой Сусветнай вайны. Напярэдадні Алімпіяды імідж Нямеччыны яшчэ не быў такім дрэнным, якім стаў пазней”.

Можна ўзгадаць і больш блізкі па часе выпадак спробы краіны палепшыць свой імідж з дапамогай Алімпіяды: Масква 1980. Трэба мець на ўвазе, што толькі за паўгода да таго СССР акупаваў Афганістан, вельмі моцна сапсаваўшы імідж “краіны пераможнага сацыялізму” ў свеце. Разважае Юлія Ляшкевіч, спецыялістка па рэкламе:

“Калі б не Афганістан, які вельмі моцна сапсаваў імідж Савецкаму Саюзу, то вялікая колькасць людзей, якія былі ўпэўненыя ў тым, што па вуліцах у Маскве ходзяць мядзведзі, пабачылі зусім іншую краіну. Справа ў тым, што людзі ў большасці сваёй будуць глядзець спаборніцтвы”.

Прычым дасягнуць такога ж эфекта з лёгкасцю можа і Кітай:

Юлія Ляшкевіч: “Калі будзе якасная трансляцыя і прыгожыя застаўкі, то на сумленным узроўні чалавек будзе мяняць сваё стаўленне да словаў “Made in China”. Безумоўна, радыкальна стаўленне да Кітая ў свядомасці людзей не памяняецца, аднак сам факт правядзення Аліміпіяды прыцягне сусветную ўвагу да Паднябеснай”.

Адзіныя, хто не перастае верыць у моц грамадскай думкі і міжнародных кампаніяў салідарнасці – гэта праваабаронцы:

Сяргей Нікіцін: ”Мы не лічым, што Алімпійскія гульні будуць неяк заглушаць праблему парушэння правоў чалавека ў Кітаі. Наадварот, людзі, дзякуючы сусветным праваабарончым кампаніям (тыя ж акцыі салідарнасці з Тыбетам увесну гэтага года), будуць ведаць і пра палітзняволеных, і пра сітуацыю ў Тыбеце”.

У любым выпадку Аліміпіяда – гэта добрая магчымасць змяніць імідж краіны. Адно што кітайскія ўлады жадаюць адцягнуць увагу сусветнай грамадскасці ад праблемаў унутры Паднябёснай. А праваабарончыя арганізацыі наадварот – з дапамогай Алімпіяды звярнуць увагу да сітуацыі з правамі чалавека ў Кітаі. І тут ад кожнага з нас залежыць, хто будзе перамагаць у гэтай інфармацыйнай вайне.