Vialejka.org стала першай ахвярай закону аб інтэрнэце

Ужо амаль тыдзень на сайце vialejka.org стаіць "заглушка". Па факце з’яўлення "паклёпу і абразы" ў каментарах праваахоўнікі распачалі крымінальную справу. У вілейчаніна Міколы Суслы міліцыянты забралі камп’ютар на экспертызу. Мясцовага актывіста дэмсіл падазраюць у адміністраванні рэгіянальнага сайта. Пра гэта Мікола расказаў у размове з Еўрарадыё.

Мікола Сусла: “У свой час я зарэгістраваў хостынг пад сайт на сябе. Іншых зачэпак у іх няма, і таму адзіны магчымы адмінстратар для іх – гэта я”.

Што да “паклёпа і абразы”, то, па словах Міколы Суслы, размова ідзе пра каментары наведнікаў сайта пад малюнкам, апублікаваным на сайце сёлета ў траўні. Яны і сталі нагодай для крымінальнай справы.

Мікола Сусла: “Быў на саце вывешаны малюнак-карыкатура на Кароткага. Такі чыноўнік у нас ёсць, ён намеснік старшыні выканкаму. І людзі кажуць, што ён рэальна тут галоўны ў Вілейцы, і ўсе яго баяцца, бо ён усім кіруе. І гэты малюнак, казалі нам, зачапіў яго. Пры тым, што і чыноўнікам было цікава, і ўсе лезлі на сайт, каб паглядзець, што “самога Кароткага” намялявалі. Такая вось інфармацыя даходзіла”.