Віцебскі маньяк паўстане перад судом

Віцебская абласная пракуратура накіравала ў суд справу серыйнага гвалтаўніка, які на працягу некалькіх год нападаў на жанчын у Першамайскім раёне горада. Свой твар ён хаваў пад маскай з чорнай капронавай панчохі.
Нагадаем, што першае згвалтаванне віцебскі маньяк здзейсніў у 2005 годзе. Ён напаў на дзевяцікласніцу адной з віцебскіх школ. У 2006 годзе здзейсніў яшчэ два згвалтаванні маладых дзяўчат. Чарговая школьніца, на якую напаў злачынца, здолела вырвацца і ўцячы.

Летась маньяка затрымалі. 33-гадовы жыхар Віцебску абвінавачваецца у 11 злачынствах, сярод якіх – разбоі, рабаўніцтвы, згвалтаванні і… ухіленне ад выплаты аліментаў. Раней ён ужо быў асуджаны за разбойныя напады на жанчын.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск