Віцебскія выбухі 2005-га: як гэта было і чым скончылася

У верасні 2005 года ў Віцебску адбыліся два выбухі. Першы раз самаробнае прыстасаванне выбухнула на тралейбусным прыпынку “Плошча Свабоды” 14 верасня. Пацярпелі два чалавекі – 17-гадовы студэнт і маладая жанчына, што гуляла з дзіцём.  22 верасня такое ж прыстасаванне ў 22.17 выбухнула каля летняй кавярні, што месціцца паміж ратушай ды канцэртнай залай “Віцебск”. На пляцоўцы было шмат моладзі: адныя вярталіся з канцэрта Віктара Каліны, іншыя адпачывалі пад музыку мясцовага гурта “Вакзал”.

У выніку другога выбуху шпіталізаваныя былі каля 40 чалавек, яшчэ каля 50 атрымалі несур’ёзныя траўмы – сінякі, драпіны. І ў першым, і ў другім выпадку выбуховае прыстасаванне, начыненае цвікамі ды іншымі металічнымі кавалкамі, было замаскіраванае сярод кветак на клумбе.

Па падазрэнні ў здзяйсненні выбухаў было затрымана некалькі дзесяткаў чалавек. Некаторыя з іх, напрыклад, браты Мурашкі, правялі ў следчым ізалятары па паўгады, але абвінавачванне ім прад’яўлена не было. Пацярпелыя атрымалі грашовую кампенсацыю, памер якой вызначаўся ў залежнасці ад цяжкасці пашкоджанняў.

Падрыхтавала Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск