Віктар Бабарыка хацеў стварыць банк для эмігрантаў
Віктар Бабарыка / lookby.media
Віктар Бабарыка хацеў стварыць банк для развіцця беларускага эміграцыйнага бізнесу, але адмовіўся ад гэтай ідэі. Пра гэта ён расказаў на сустрэчы з беларусамі Літвы ў Вільні, піша "Зеркало".
Экс-палітвязень кажа, што пасля вызвалення бачыў банкаўскую сферу для сябе закрытай: "Я быў нейкім менеджарам у беларускай банкаўскай сістэме. Напэўна, быў бы цікавы ў расійскай. Але наўрад ці — у нямецкай. Таму што я проста не ведаю яе. Там зусім іншыя прынцыпы. Таму я выкрасліў банк са спісу магчымых маіх прафесійных інтарэсаў".
Аднак у адной з гутарак ён даведаўся, што ў беларускага малога і сярэдняга бізнесу за мяжой існуюць вялікія праблемы з доступам да рэсурсаў. Бабарыка звярнуўся ў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), з якім супрацоўнічаў падчас працы ў "Белгазпрамбанку". Там адказалі, што праграмы ва Усходняй Еўропе згарнулі, але ў Польшчы могуць зрабіць фандаванне.
Бабарыка, паводле ягоных словаў, загарэўся ідэяй.
"Але потым я сустрэў хлопцаў, якія займаюцца, назавем так, фінтэхам. І калі мы пачалі абмяркоўваць, і я стаў распавядаць, як мы бачым новы банк, аказалася — сэнсу няма. Лозунг "Белгазпрамбанка" ў канцы 2010-х — "Мы заб'ем усе банкі і застрэлімся апошнімі", — аказваецца, правільны. Зараз якраз абмяркоўваецца сістэма выбудоўвання іншых прынцыпаў фармавання фінансавага інстытута і вырашэння праблем па-за традыцыйным банкаўскім бізнесам. І таму сама ідэя банка, з майго пункту гледжання, не мае перспектывы.
У мяне ёсць адчуванне, што цягам пяці гадоў банкі ўсе "застрэляцца". А ствараць банк, які адразу трэба "застрэліць", сэнсу няма ніякага", — дзеліцца сваімі меркаваннямі экс-банкір.
На яго думку, мае сэнс ствараць касу ўзаемадапамогі для беларускіх эмігрантаў, а не банк.