Вольга Гаварцова прайграла ў першым крузе тэніснага турніру ў Маямі

Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (50-е месца ў рэйтынгу) выбыла з барацьбы ў адзіночным разрадзе на буйным турніры ў Маямі (ЗША) з прызавым фондам 4,5 млн долараў. 23 сакавіка ў першым крузе (1/64 фіналу) яна саступіла аргентынцы Гізэле Дулько (37) — 4:6, 1:6, адзначае БелаПАН.

Дар'я Кустова (133) у першым раўндзе кваліфікацыі выйграла ў Чан Кай Чэнь з Тайваня (91) — 6:4, 6:4, а ў другім прайграла аўстралійцы Кейсі Дэлаква (234) — 2:6, 2:6.

Настасся Якімава (138) на старце кваліфікацыі была слабейшай за Варвару Лепчанка з ЗША (108) — 3:6, 1:6.

"Пасеяная" пад чацвёртым нумарам Вікторыя Азаранка (7) пачынае барацьбу з другога круга, дзе сустрэнецца з пераможцам матчу паміж румынкамі Аляксандрай Дульгеру (49) і Яанай-Ралукай Алару (79).