Вулканічнае воблака пакуль не паўплывала на прыземнае паветра ў Беларусі

Воблака вулканічнага пылу не паўплывала на стан прыземнага паветра ў Беларусі. Пра гэта кажуць спецыялісты з Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя. У прыватнасці, як паведамілі яны агенцтву БелаПАН, воблака пылу ад ісландскага вулкану знаходзіцца на вышыні больш як шэсць кіламетраў і не ўдзейнічае на паветра, якім дыхаюць людзі.

Запыленасць паветра перавышае нарматыў толькі ў раёне Мінскага трактарнага заводу, аднак гэта і так назіраецца досыць часта.

Дарэчы, спецыялісты з Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук кажуць, што 20 красавіка над тэрыторыяй Беларусі воблака вулканічнага пылу павялічыцца. Яно будзе распаўсюджвацца на ўсход. Мінск апынецца на мяжы распаўсюду часціц вулканічнага попелу: на захад ад сталіцы іх канцэнтрацыя будзе больш высокай. Такая ўстойлівая мяжа будзе адзначацца 20 красавіка на працягу некалькіх гадзін.