Вясёлае развітанне з савецкім мінулым
Нягледзячы на невялікі памер у 200 старонак,
кнігу ўжо называюць энцыклапедыяй савецкага часу. Яна разбітая на пяць частак,
ці на пяць відаў фотаздымкаў з сямейнага альбому.
На гэтых фотаздымках — людзі,
а часцей прадметы, знакавыя для савецкага часу. Кніга стварае ўражанне
фотаальбому, хоць сапраўдных фотаздымкаў там бадай што і ёсць пяць, астатняе —
гісторыі, здарэнні, развагі, іронія.
Аляксандр Лукашук, што напісаў прадмову да
“Альбома сямейнага”, распавядае пра вынікі суіснавання Мудрова і СССР.
Аляксандр Лукашук:
“Савецкі Саюз напружыўся — і запусціў у космас Юрыя Гагарына. Потым напружыўся
яшчэ раз — і выйграў бронзавы медаль на чэмпіянаце свету.
Потым Савецкі Саюз пабачыў,
што Вінцэсь Мудроў носіць доўгія валасы, жуе жуйку, слухае нейкую дзіўную
музыку. І Савецкі Саюз захацеў, каб Вінцэсь Мудроў перастаў слухаць гэту
музыку, перастаў насіць доўгія валасы і пастрыгся.
І стаў напружвацца яшчэ
больш і больш, каб падстрыгчы Мудрова. Мы ўсе ведаем, чым скончылася справа: мы
маем Вінцэся Мудрова, а дзе той Савецкі Саюз?”
Кніга “Альбом
сямейны” напісаная зразумелай мовай пра зразумелыя рэчы, невялікая, яе можна
чытаць з любога месца. Яна адпавядае сваёй назве: яе, хутчэй за ўсё, будуць
чытаць з тымі ж мэтамі, з якімі гартаюць фотаальбом. Сам аўтар ставіць мэту
больш шырокую.
Вінцэсь Мудроў:
“Галоўная мэта — звярнуць увагу навачаснай моладзі беларускай на тое, чым жылі
іх маці і бацькі”.
З іншага боку, ён
кажа, што ягоныя чытачы — людзі, чыя маладосць прайшла ў Савецкім Саюзе, тыя,
хто не можа яго не ўзгадваць. То бок, кніга выклікае ў такога чытача настальгію.
А ў чытача больш маладзейшага, новачаснага — развагі. Гаворыць літаратарка і
перакладчыца Марыйка Мартысевіч.
Марыйка
Мартысевіч: “Тут вельмі ўдала спалучыліся два жанры: радыёэсэ і (я б вызначыла
гэта як жанр) настальгія. Я думаю, што гэты жанр вельмі прадуктыўны, і маё
пакаленне гадоў праз дваццаць будзе складаць такія зборнікі, і ў іх увойдуць
феномены Плошчы, 90-х гадоў і г.д.
Для нас савецкі час гэта ўжо не
актуальнасць. Наша савецкае дзяцінства — хутчэй міф. І ўсё-такі савецкі час (і
гэта вельмі заўважна па кніжцы “Сямейны альбом”) гэта цяпер найперш стыль”.
Многія з тых, хто
ўжо чытаў кнігу, называюць яе “вясёлым развітаннем з савецкім мінулым”. Філосаф
Валянцін Акудовіч пабачыў у ёй адваротнае — яго рэанімацыю.
Валянцін
Акудовіч: “У Вінцэся (акрамя самых розных іншых якасцяў) ёсць вельмі рэдкі дар:
адчуваць, выбіраць і абсарбаваць самае істотнае, самыя знакавыя моманты эпохі.
І таму спадар Валянцін Тарас вельмі слушна сказаў пра гэтую кнігу: “Гэта
энцыклапедыя свайго часу”. Настолькі ярка, выпукла, поўна і так смачна, утульна
і вабна пра гэта распавёў Вінцэсь, што я зноў закахаўся ў свой час, я зноў
палюбіў сваю эпоху”.
Мінулае застаецца
з людзьмі да канца жыцця. Але чым больш праходзіць часу, тым больш агульнымі
робяцца ўспаміны. Такія кнігі, як “Альбом сямейны”, дапамагаюць не страціць ключавыя
дробязі. Такія кнігі, па сутнасці, — сховішча нашай памяці.