Выкід хімічных рэчываў забіў 43-гадовага слесара

У выніку надзвычайнага здарэння на наваполацкім хімічным прадпрыемстве “Палімір” загінуў 43-гадовы слесар, яшчэ тры рабочых пацярпелі. Двое з іх знаходзяцца ў рэанімацыі Наваполацкай гарадской бальніцы. Там пакуль ніяк не каментуюць стан пацыентаў. Распавядае наш наваполацкі карэспандэнт Валерый Зуеў:
"Як нам удалося даведацца, двое пацярпелых зараз знаходзяцца ў цяжкім стане. Трэці супрацоўнік прадпрыемства атрымаў медычную дапамогу на месцы здарэння і быў адпушчаны дадому".

Раніцай у аўторак на “Паліміры” адбыўся выкід сумесі сінільнай кіслаты і ацэтона. Здарэнне адзначана падчас дэмантажа клапана на трубаправодзе ў 201-м цэху прадпрыемства. Работнікі “Паліміра”, якія выконвалі гэтыя работы, не скарысталіся сродкамі індывідуальнай абароны. Яны мусілі працаваць у рэспіратарах. Іх адсутнасць і выклікала няшчасны выпадак.

Як адзначаюць спецыялісты, некалькіх удыхаў сумесі сінільнай кіслаты і ацэтона дастаткова для смяротнага выніку. Адмыслоўцы “Паліміра” запэўніваюць, што прадпрыемтсва працуе ў нармальным рэжыме. Працягвае Валерый Зуеў:

"Паводле словаў начальніка Наваполацкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Куксёнка, гэты выпадак не меў негатыўнага ўплыву на стан прыроды, і нябеспекі для астатніх працаўнікоў “Паліміра” і жыхароў Наваполацка зараз няма".