Вызначана дата разгляду скаргі "Экадома" на пастанову астравецкага суда

Вызначана дата разгляду скаргі на пастанову суда Астравецкага раёна, у адпаведнасці з якой была спынена вытворчасць па іску грамадскага аб'яднання "Экадом" да Дырэкцыі будаўніцтва АЭС. Нагадаем, аб'яднанне "Экадом" прасіла суд абавязаць дырэкцыю прадаставіць грамадскасці дакументацыю па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) будучай беларускай АЭС.

Як паведаміў БелаПАН юрыст "Экадома" Сяргей Магонаў, скарга на рашэнне Астравецкага суда будзе разглядацца 21 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе.

У чэрвені суд Астравецкага раёна спыніў вытворчасць па іску "Экадома" на падставе яго непадведамнасці суду агульнай юрысдыкцыі і парэкамендаваў звяртацца ў гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці. Аднак, паводле слоў Магонава, падчас прыняцця рашэння аб спыненні справы былі дапушчаны працэсуальныя парушэнні, якія "Экадом" і мае намер аспрэчыць у Гродзенскім абласным судзе.