Wi-Fi ў Беларусі стаў платным, але купіць яго нельга

Карткі па аплаце бяздротавага доступу ў інтэрнэт з’явяцца ў продажы не раней, чым праз тыдзень-два. Бяздротавы доступ у інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi стаў платным у Беларусі. Дагэтуль ім можна было задарма карыстацца ў тэставым рэжыме. Але як стала вядома Еўрарадыё, першая партыя картак па аплаце паслугі ўжо распрададзеная, а новыя карткі з’явяцца не раней як праз тыдзень-два.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства “Белтэлекам”.

“Самая першая партыя картак была невялікай. Калі на рынак нешта новае выводзіцца, то гэта заўсёды выводзіцца ў невялікай колькасці, каб потым ацаніць попыт. Мы зразумелі, што насамрэч карты запатрабаваныя, Wi-Fi карыстаюцца. Будзем імкнуцца да таго, каб такіх сітуацый больш не паўставала”.

Карткі аплаты можна будзе набыць на “Белтэлекаме”, у газетных шапіках і нават у гасцініцах.

“Яны прадаюцца ў пунктах калектыўнага доступу “Белтэлекама”, ва ўсіх сервісных цэнтрах прадпрыемства, праз сетку “Белсаюздруку” і ў некаторых гасцініцах. Але гэта залежыць, ці была дасягнутая дамоўленасць з адміністрацыяй гасцініц на продаж картак”.

Тарыфікацыя Wi-Fi ў Беларусі пачасавая. Карты прадаюцца на 60 і 180 хвілін. Адна гадзіна каштуе 1400 рублёў, тры гадзіны — 4000. Хуткасць — 2 мегабіты за секунду. Але гэта залежыць ад колькасці чалавек, падлучаных да кропкі доступу, і ад таго, як блізка вы знаходзіцеся да гэтай кропкі.

Варта адзначыць, што кропкі доступу Wi-Fi ўжо ўсталяваныя ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. У Мінску такія кропкі ёсць на 90 аб'ектах: гасцініцах, навучальных установах, клубах, дзелавых цэнтрах.

Поўны спіс кропак доступу Wi-Fi можна паглядзець тут.