Якаўлеўскі: Вынік нафтавай вайны будзе вельмі цяжкі для беларусаў
Аляксандр Лукашэнка накіраваў ліст прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву. Беларускі кіраўнік выклаў свой погляд на сітуацыю вакол перамоваў пра пастаўкі расійскай нафты ў 2010 годзе. У лісце, у прыватнасці, гаворыцца, што летась прэзідэнты абедзвюх краін дасягнулі дамоўленасці: на працягу першых двух-трох месяцаў 2010 года нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь бязмытна, і за гэты час бакі ўзгодняць умовы далейшай пастаўкі нафты. Аднак пасля Расійская Федэрацыя фактычна адмовілася ад выпрацаваных дамоўленасцяў і вылучыла непрымальныя для Беларусі ўмовы.
Дата аднаўлення "нафтавых" перамоваў пакуль невядомая. Пра тое, што стаіць на кану "энергетычнай вайны", дзеляцца сваімі меркаваннямі эксперты.
Нямецкі палітолаг Аляксандр Рар адзначае, што тыдзень таму ЕС быў сур'ёзна занепакоены нафтавым канфліктам паміж Беларуссю і Расіяй. Але зараз адчуванне не такое трывожнае: еўрапейскія спажыўцы ад энергетычнага канфлікта не церпяць. У ЕС маюць надзею на хуткую дамоўленасць Беларусі і Расіі, якая, паводле слоў эксперта, "не за гарамі".
На думку эксперта, Расія не можа ісці на вялікі канфлікт з Беларуссю, бо папсуе свой імідж перад ЕС. Гатовая да кампрамісу і Беларусь, бо таксама не хоча паставіць пад пагрозу пазітыўныя змены ў адносінах з еўрапейцамі.
Аляксандр Рар: "Для Расіі было б катастрофай, калі б Беларусь выйшла з Мытнага саюза і ляснула дзвярыма. Выйсце з Мытнага саюзу і для Беларусі мела б сур'ёзныя негатыўныя наступствы для эканомікі. Беларускай эканоміцы патрабуецца супрацоўніцтва з расійскім рынкам, а адносіны з ЕС пакуль не наладжаныя".
Таму бакі пойдуць на саступкі, упэўнены палітолаг. Іншае пытанне — Беларусь не зможа заплаціць за "штрафныя мыты", якіх дамагаецца Расія. Таму нашая краіна альбо не будзе перапрадаваць такую колькасць расійскай нафты, як раней, альбо мусіць дапусціць удзел расійскага капітала ў прыватызацыі нафтавых кампаній, лічыць эксперт.
Але гэта не будзе поўным выйгрышам Расіі, адзначае Аляксандр Рар. Бо ў кожным разе у рамках Мытнага саюза яна будзе вымушаная пагадзіцца на тое, што беларуская нафта і газ для Беларусі будуць пастаўляцца па ніжэйшых цэнах, чым, напрыклад, ва Ўкраіну.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі выказвае падобнае меркаванне.
Раман Якаўлеўскі: "На мой погляд, ані пераможцаў, ані пераможаных з абодвух бакоў не будзе. Кожны панясе свае страты".
Праўда, Мытны саюз у тым выглядзе, які ёсць зараз, — фікцыя, лічыць Раман Якаўлеўскі. Але ж да пагрозаў абодвух бакоў трэба ставіцца сур'ёзна.
Раман Якаўлеўскі: "Той факт, што Расія праз урадавыя інфармацыйныя агенцтвы абнародавала спіс нафтатрайдараў — беларускіх "нафтабаронаў", сведчыць аб тым, што Масква, а канкрэтна Пуцін, вельмі рашуча настроеная. Рашучасць з абодвух бакоў сведчыць, што бойка на гэты раз вельмі сур'ёзная. На мой погляд, цяпер не будзе так, што пасварыліся — пасля памірацца. Мусіць быць нейкі вынік, але які — цяжка сказаць. Але ён будзе вельмі цяжкі для беларусаў і асабіста для Лукашэнкі".
Аляксандр Рар мяркуе, што кожны з бакоў мае як адкрытыя, так і прыхаваныя пазіцыі. Адкрытая выглядае наступным чынам. Масква не хоча, каб расійская нафта, якая трапляе на тэрыторыю Беларусі, апрацоўвалася і прадавалася ў трэція краіны, а Расія з таго не атрымлівала грошы.
Пазіцыя нашай краіны таксама зразумелая: Беларусь уступіла ў Мытны саюз, такім чынам яна падтрымала Расію ў цяжкія часы, калі апошняя амаль не мае саюзнікаў. А таму Расія мусіць даць Беларусі ільготы, асабліва ў энергетычнай сферы.
Прыхаваная пазіцыя выглядае цікавейшай.
Аляксандр Рар: "З расійскага боку — спроба атрымаць кантроль над энергетычным комплексам Беларусі. З беларускага — імкненне згуляць паміж ЕС і Расіяй, каб зацікавіць і атрымаць інвестараў на беларускі рынак у збалансаваным выглядзе. Пытанне — якая краіна мацнейшая, якая зможа праціснуць сваё рашэнне".