Юры Лявонаў: Следства адпачатку прапаноўвала пацвердзіць версію тэракту

На працэсе па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў яе былы фігурант Юры Лявонаў заявіў, што следства адпачатку прапаноўвала яму пацвердзіць версію аб тэракце. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Алег Воўчак. У судзе Лявонаў заявіў, што з першага дня арышту следчыя патрабавалі ад яго прызнацца, што Аўтуховіч рыхтаваў замахі. Іх ахвярамі нібыта мусілі стаць былы старшыня Гродзенскага аблвыканкаму Ўладзімір Саўчанка і намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Камянко. Лявонаў таксама заявіў, што на яго аказвалі псіхалагічны ціск, каб ён даў патрэбныя паказанні.

Лявонаў з'яўляецца адным з асноўных сведкаў па справе Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенкі. Яго затрымалі разам з імі ў Ваўкавыску 8 лютага 2009 года, 8 жніўня вызвалілі, 24 верасня спынілі крымінальную справу на яго. Цяпер Лявонаў часова жыве ў Маскве, дзе даглядае хворую маці.