Юрый Хашчавацкі рыхтуе да выхаду новую “Плошчу”

Рэжысёр Юрый Хашчавацкі прагледзеў усе выкладзеныя ў інтэрнэце фота- і відэасведчанні аб парушэннях падчас галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Таксама ён атрымлівае шмат відэаматэрыялаў з Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці, адзнятых рознымі аператарамі цягам 19 і 20 снежня. З гэтых матэрыялаў Хашчавацкі абяцае зрабіць новы фільм.
Юрый Хашчавацкі: “Аператараў там было вельмі шмат і вельмі вялікі зняты матэрыял. І мне зараз з усіх бакоў яго даюць, аддаюць, прапаноўваюць. Ёсць і эксклюзіўныя кадры, ёсць безліч кадараў ад розных тэлекампаній, якія мне іх прадастаўляюць. Ёсць матэрыял”. 

Хашчавацкі прызнаўся, што адпачатку планаваў зрабіць асноўны акцэнт у сваім новым фільме на сістэму парушэнняў і фальсіфікацый на выбарчых участках. Але зараз, кажа, схільны больш увагі ўдзяліць падзеям на плошчы. Маўляў, брутальны разгон акцыі лепш сведчыць пра характар дзеючага рэжыма.