Юрый Жаўноў стаў капітанам зборнай Беларусі па футболе

У новай якасці варатар дэбютуе ўжо 3 сакавіка ў таварыскім матчы супраць Арменіі Варатар Юрый Жаўноў стаў капітанам футбольнай зборнай. Такі выбар зрабіла сама каманда на зборы ў Турцыі, паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар Федэрацыі футбола Ўладзімір Несцяровіч.

У галасаванні ўдзельнічалі 24 футбалісты. Капітана яны выбіралі таемна, напісаўшы прозвішча аднаго з трох кандыдатаў на паперцы.

Нагадаем, папярэдні лідэр зборнай Аляксандр Глеб адмовіўся ад капітанства, каб сканцэнтравацца на гульні ў Штутгарце. Напярэдадні выбараў новага капітана галоўны трэнер каманды Бернд Штанге адзначыў:

“Гэта вельмі важнае і адказнае мерапрыемства. У хлопцаў абавязкова павінен быць лідэр, якому яны давяраюць, які здольны весці іх за сабой і які будзе галоўным памочнікам трэнера ў камандзе”.

Нагадаем, напрыканцы лютага Юрый Жаўноў перайшоў з “Масквы” ў “Зеніт”. З “піцерцамі” беларускі варатар заключыў чатырохгадовы кантракт. У якасці капітана нашай зборнай ён дэбютуе ўжо 3 сакавіка ў таварыскім матчы супраць Арменіі.