Юшчанка і Януковіч сёння разгледзяць пакет палітычнага кампрамісу

Праекты асобных нарматыўна-прававых актаў, якія складаюць аснову палітычнага кампрамісу ва Украіне, сёння будуць прадстаўленыя на разгляд прэзідэнту Віктару Юшчанку і прэм'ер-міністру Віктару Януковічу. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка ўкраінскай дзяржавы. Працоўная група прадстаўнікоў прэзідэнта Украіны і прэм'ер-міністра ў выхадныя ўзгадніла структуру пакета палітычнага кампрамісу для забеспячэння датэрміновых выбараў у Вярхоўную раду. Бакі пагадзіліся, што для выхаду з палітычнага крызісу неабходна прыняць шэраг палітыка-прававых рашэнняў - пакет палітычнага кампрамісу.

Аснову пакета, як паведамляе прэс-служба, складае комплекс рашэнняў, неабходных для забеспячэння сумленных, празрыстых, дэмакратычных выбараў у Вярхоўную Раду Украіны. У прыватнасці, гаворка ідзе аб належным фінансаванні пазачарговых выбараў. Бакі таксама пагадзіліся на стварэнне на парытэтных пачатках адзінай працоўнай камісіі па падрыхтоўцы праекту новай рэдакцыі Канстытуцыі краіны.

На працягу суботы-нядзелі эксперты працавалі над падрыхтоўкай праектаў асобных нарматыўна-прававых актаў, якія пасля ўзгаднення працоўнай групай будуць сёння прадстаўленыя на разгляд прэзідэнту і прэм'ер-міністру Украіны.


Паведамляе “Росбалт-Украіна”