З 1 студзеня 2008 года прапіску ў Беларусі заменяць на рэгістрацыю


Такі ўказ 7 верасня падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, згодна з указам уводзіцца адзіны на ўсёй тэрыторыі краіны парадак рэгістрацыі грамадзян Беларусі, а таксама замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна жывуць у нашай краіне, па месцы жыхарства і месцы знаходжання.
Згодна з устаноўленым парадкам, грамадзянін для рэгістрацыі павінен звярнуцца да асобы, адказнай за рэгістрацыю (напрыклад, кіраўніка ЖЭСа або ўпаўнаважанай ім асобы), два разы: каб падаць дакументы, неабходныя для рэгістрацыі, і каб атрымаць пашпарт са штампам аб рэгістрацыі па месцы жыхарства або пасведчанне аб рэгістрацыі па месцы знаходжання.

Скасоўваецца абавязак грамадзяніна здымацца з рэгістрацыйнага ўліку перад выбыццём на іншае месца жыхарства (як гэта мае месца пры сістэме прапіскі-выпіскі). Згодна з указам, орган рэгістрацыі па новым месцы жыхарства абавязаны паведаміць аб яго рэгістрацыі органу рэгістрацыі па ранейшым месцы жыхарства, які на падставе гэтага паведамлення самастойна здымае грамадзяніна з рэгістрацыйнага ўліку.

Тэрмін ажыццяўлення рэгістрацыі: ад 3 да 13 дзён.