З-за маразоў у 28 школах Брэстчыны пачаліся незапланаваныя вакацыі
Навучэнцам 28 сельскіх школ Брэсцкай вобласці дазволена не наведваць заняткі з-за моцных маразоў. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Ціханчук. Па яго словах, за мінулыя суткі ў шэрагу рэгіёнаў вобласці начныя тэмпературы знізіліся да мінус 30-31 градусаў, удзень – ніжэй за 25 градусаў. У гэтай сувязі мясцовыя органы ўлады прынялі рашэнне па шэрагу сельскіх школ – дазволіць дзецям да больш спрыяльных умоваў надвор'я не наведваць заняткі. Такіх школ, у прыватнасці, у Пружанскім раёне – 6, Бярозаўскім – 5, Брэсцкім – 9, Жабінкаўскім – 2, Драгічынскім – 4, па адной - у Ляхавіцкім і Івацэвіцкім раёнах.
Аднак ні адна з гэтых школ не зачыненая. Усе педагогі знаходзяцца на працоўных месцах і праводзяць урокі з тымі навучэнцамі, якія змаглі прыйсці на заняткі.
Аднак ні адна з гэтых школ не зачыненая. Усе педагогі знаходзяцца на працоўных месцах і праводзяць урокі з тымі навучэнцамі, якія змаглі прыйсці на заняткі.