З-за снегападаў Гомельшчына засталася без электрычнасці

З-за наліпання мокрага снегу на драты Гомельшчына практычна цалкам засталася без электрычнасці. Як распавёў Еўрарадыё намеснік галоўнага інжынера "Гомельэнэрга" Міхаіл Шлычкоў, больш за ўсё зачапіла Рагачоўскі раён. Таксама засталіся без электрычнасці населеныя пункты ў Рэчыцкім і Гомельскім раёнах. Абмінула стыхія толькі Мазыршчыну. Агулам адключана каля 150 трансфарматарных пунктаў.

Міхаіл Шлычкоў: "Прыблізна з нуля гадзін пачалося выпадзенне снегу з дажджом, і наліпанне яго на дрэвы — гэта галоўная прычына. Зараз ідуць працы. Стаіць задача да канца дня ліквідаваць усе праблемы".

Пакуль энергетыкі спраўляюцца сваімі сіламі. У жлобінскіх сетках на ліквідацыю аварый накіраваныя дадатковыя брыгады.