За падпальванне петардаў у грамадскім месцы можна атрымаць 15 сутак

Падпальванне петардаў ў грамадскім месцы кваліфікуецца як дробнае хуліганства. Таму за такое правапарушэнне прадугледжваецца пакаранне згодна з Адміністрацыйным кодэксам. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў супрацоўнік прэс-цэнтра ГУУС Мінгарвыканкаму Яўген Сачак.

“Правапарушэнне прыраўноўваецца да дробнага хуліганства, таму прадугледжана адпаведнае пакаранне: мінімальна — штраф ад дзвюх базавых велічыняў, максімальна — адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Калі ж будзе нанесены ўрон здароўю чалавека або буйны матэрыяльны ўрон маёмасці — то гэта ўжо крымінальная адказнасць”.

Па словах Яўгена Сачака, летась падчас навагодніх святаў да адміністрацыйнай адказнасці за выкарыстанне петардаў у грамадскім месцы былі прыцягнутыя каля 100 чалавек.

Ён нагадаў, што калі парушальнікамі з’яўляюцца дзеці да 14 гадоў, то штраф будуць выплачваць іх бацькі.