Загінулы пад Касцюковічамі кіроўца мог быць у стане алкагольнага ап'янення

У Касцюковіцкім раёне тры чалавекі загінулі ў выніку дарожна-транспартнага здарэння. Яно адбылося ўвечары 12 траўня. Кіроўца-бяспраўнік выехаў на чыгуначны пераезд на аўтамабілі “Опель”, нягледзячы на забараняльны сігнал светлафора. Легкавік не паспеў праскочыць пераезд і сутыкнуўся з грузавым цягніком.

Вось што распавяла ў эфіры тэлеканала АНТ Аксана Салянюк, афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці:

"У выніку ДТЗ кіроўца аўтамабіля і непаўналетняя пасажырка з знешнімі прыкметамі цяжарнасці загінулі на месцы. Двое пасажыраў — мужчына 1991 года нараджэння і дзіця, сын кіроўцы, 2011 года нараджэння — у цяжкім стане шпіталізаваны ў Касцюковіцкую раённую бальніцу. Аднак выратаваць мужчыну не ўдалося, ён памёр. За жыццё дзіцяці цяпер змагаюцца медыкі".

Мяркуецца, што загінулы кіроўца мог быць у стане алкагольнага ап'янення. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за дарожна-транспартнае здарэнне, у якім быў цяжка траўмаваны чалавек. Два месяцы таму ён атрымаў два гады папраўчых працаў, яго пазбавілі права кіраваць аўтамабілем на працягу 5 гадоў.

Фота: МНС, відэа: АНТ