Замест выдачы крэдыту "Газпром" купіць "Белтрансгаз"

Неўзабаве "Газпром" давядзе сваю долю ў "Белтрансгазе" да 50% акцый.  Па звестках газеты "КоммерсантЪ", такая дамоўленасць была дасягнутая на перамовах паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Дзмітрыем Мядзведзевым 19 сакавіка. У студзені 2009  года расійская кампанія разлічылася за чарговыя 12% акцый, і зараз ёй належыць 37,5%.

Дамова аб продажы чарговай часткі акцый адбылася падчас перамоваў па газавай праблеме. Як паведамляе расійская газета, у першым квартале гэтага года беларускія ўлады зрабілі выгляд, што не заўважылі падвышэння кошту на газ са 128 да 210 долараў за тысячу кубаметраў і аплацілі пастаўкі па ранейшым тарыфе. У выніку за два зімовыя месяцы Мінск завінаваціўся "Газпрому" каля $70 млн.

Аднак на перамовах усе пытанні былі вырашаныя. Надалей Беларусь будзе купляць расійскі газ па $210 за тысячу кубаметраў.


Фота — ИТАР-ТАСС