Земфіра выходзіць з адпачынку

Земфіра абвясціла запіс новага студыйнага альбома.  Як паведамляецца на афіцыйным сайце выканаўцы, апроч запісу альбома, Земфіра таксама працуе над музычным афармленнем фільма сваёй сяброўкі Рэнаты Літвінавай "Апошняя казка Рыты". А на 1 верасня запланавана перавыданне трох першых альбомаў спявачкі: "Земфира" (1999), "Прости меня моя любовь" (2000) і "Четырнадцать недель тишины" (2002).

Да гэтай падзеі будзе прымеркаваны міні-тур спявачкі па пяці гарадах. Земфіра выступіць у Санкт-Пецярбургу (3 верасня), Екацярынбургу (7 верасня), Мінску (9 верасня), Кіеве (11 верасня) і Маскве (17 верасня). Канцэртныя пляцоўкі, на якіх адыграе спявачка, пакуль не паведамляюцца.

Апошні, пяты студыйны альбом Земфіры, "Спасибо", выйшаў 1 кастрычніка 2007 года дадаткам да часопіса "Citizen K". 1 красавіка 2008 года ў СК "Алімпійскі" ў Маскве прайшоў фінальны канцэрт у падтрымку гэтага дыска, пасля якога Земфіра ўзяла працяглы адпачынак, і перастала займацца музыкай.

У сакавіку 2009-га ў Сеціве з'явілася складанка бісайдаў Земфіры "Z-Sides", дагэтуль не выдадзеная афіцыйна, а 1 студзеня 2010 года спявачка выклала на сваім сайце бясплатны канцэртны дыск "Live 2".

Фота: lookatme.ru