Жанет сёлета закліча мужчын павялічыць нараджальнасць

А Ірына Дарафеева працягне змагацца за ўраджай. Летась Жанет праехала па рэгіёнах Беларусі з канцэртным турам у падтрымку нараджальнасці. Еўрарадыё вырашыла даведацца ў спявачкі, ці павялічылася нараджальнасць у тых гарадах, дзе яна ўжо выступіла.

Як высветлілася, менавіта ў тых гарадах, дзе праходзілі канцэрты Жанет, значна павысілася колькасць нованароджаных. І спявачка з упэўненасцю прыпісвае сабе заслугу ў выпраўленні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

Жанет:
“Насамрэч, летась у краіне быў пік нараджальнасці, і я цалкам  магу ўзяць гэта на свой рахунак. Асабліва з улікам таго, што мне тэлефанавалі з тых мясцін, дзе мы выступалі, нібыта справаздачу давалі, і казалі, што ўжо праз 2 месяцы пасля майго выступу вялізарная колькасць матуль пачалі станавіцца на ўлік па нараджальнасці. Таму і я, і мая каманда можам з гонарам сказаць, што нешта мы ўсё ж для гэтага зрабілі”.

Паводле слоў спявачкі, сёлета яна збіраецца працягнуць свой тур у падтрымку нараджальнасці. Плануе не толькі наведаць новыя канцэртныя пляцоўкі, але і па другім разе вярнуцца туды, дзе ўжо пабывала. Жанет сцвярджае, што падрыхтавала сваім слухачам сюрпрыз, пасля якога краіну чакае яшчэ адзін пік нараджальнасці. І калі ініцыятарам першага былі яе прыхільніцы-жанчыны, то зараз сваё слова скажуць мужчыны.

Жанет: “У маёй першай праграме гучала песня пра матулю. І да мяне пасля канцэрта падыходзілі таты і з крыўдай пыталіся, чаму пра матуль ёсць, а пра татаў няма? А я ім паўжартам адказвала, што калі праз 9 месяцаў будзе станоўчы вынік, то будзе і песня пра тату. Вынік ёсць – і песня пра тату ўжо гатовая. І я буду рада парадаваць ёй татаў, асабліва тых, якія гэта заслужылі”.

У свой час у інтэрв’ю Еўрарадыё Ірына Дарафеева пахвалілася, што пасля яе выступаў перад працаўнікамі сельскай гаспадаркі ў кароў павялічваюцца надоі, а на палях – ураджайнасць. Як высветлілася, сёлета яна збіраецца працягваць дапамагаць працаўнікам сяла.

Ірына Дарафеева: «Безумоўна – нам песня будаваць і жыць дапамагае! У дадзеным выпадку мы прыязджаем да людзей, якія працуюць на нашай зямлі. І калі добры ўзровень канцэрта, калі прыязджаюць прафесійныя артысты, калі яны прыязджаюць з чыстым сэрцам і адкрытай душой, з добрай музыкай, «жывымі» музыкантамі, і людзі чуюць прыгожыя беларускія песні на беларускай мове – то як гэта можа іх не падштурхнуць на новыя працоўныя подзвігі? Свой штогадовы тур «Пад мірным небам» мы будзем праводзіць і сёлета па Віцебскай вобласці. Толькі мы яго трошкі пашырылі і вырашылі зрабіць канцэрты ў Мінскай вобласці, Гродзенскай і даць дабрачынныя канцэрты ў вайсковых частках».

Праўда, абмяркоўваць, што больш важна – павялічваць нараджальнасць ці ураджайнасць, не захацела.

Ірына Дарафеева: «Не хачу, шчыра кажучы, каб вы праводзілі нейкую паралель паміж маімі канцэртамі і канцэртамі Жанет. Гэта розныя канцэрты і розныя, насамрэч, акцыі».

Еўрарадыё ўразілася такімі здольнасцямі Жанет і Ірыны Дарафеевай вырашаць з дапамогай сваёй творчасці складаныя праблемы сучаснасці і прапанавала зоркам праехацца па краіне з турам “У падтрымку таннага газу” альбо “За найхутчэйшае пераадольванне сусветнага фінансавага крызісу”. Жанет ні на хвіліну не сумнявалася, што і з гэтымі задачамі яны здольныя справіцца.

Жанет: “Лёгка. Насамрэч, гэта не смешна. Калі чалавек верыць у тое, што робіць, у нейкую ідэю, то мы атрымліваем тое, чаго мы хочам. Калі ўзяць ідэю, якую чалавек ад усёй душы асвятляе, у якую ён верыць, яна ў любым выпадку прынясе поспех. Што б гэта ні было”.

А Ірына Дарафеева на поўным сур'ёзе зазначыла, што калі сваёй працы аддавацца цалкам і рабіць яе з любоўю, то любыя праблемы можна вырашыць.