Журналіста Аляксандра Здзвіжкова выпусцілі на волю

Такое рашэнне сёння прыняў Вярхоўны суд Беларусі, які разглядаў яго скаргу на прысуд. Нагадаем, у студзені Мінскі гарадскі суд прызнаў былога намесніка галоўнага рэдактара газеты “Згода” вінаватым у распальванні рэлігійнай варожасці і пакараў трыма гадамі зняволення. Здзвіжкоў падпісаў у друк нумар газеты з перадрукам з дацкай прэсы карыкатур на прарока Мухамеда.

Вінаватым сябе ён не прызнаў, патлумачыў прысуд пераследам паводле рэлігійных прычын і падаў у Вярхоўны суд скаргу. Перагледзець прысуд журналісту заклікаў Еўрапарламент і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Калегія суда пастанавіла, што Здзвіжкоў сапраўды вінаваты, аднак улічыла абставіны – у яго старая маці, у якой Аляксандр адзін, а таксама стан здароўя асуджанага. У выніку, тры гады турмы былі замененыя трыма месяцамі арышту, якія Здзвіжкоў ужо адседзеў у СІЗА, пакуль ішло следства, інфармуе “Наша ніва”.

Здзвіжкоў цяпер знаходзіцца ў турэмным шпіталі, таму не мог прысутнічаць на паседжанні.

Фота - Photo.ByMedia.net