Жыхар Рэчыцкага раёна расстрэльваў ката, а пацэліў у суседку
56-гадовую жанчыну даставілі ў раённую лякарню з агнястрэльным раненнем 22 жніўня.
Шрот трапіў ёй у галаву і грудную клетку. Як інфармуе БелаПАН, параніў жанчыну яе 60-гадовы сусед. Раны не былі цяжкімі, і пасля меддапамогі жанчыну адпусцілі з лякарні.
У міліцыі распавялі акалічнасці падзеяў. Незнаёмы кот панадзіўся да жанчыны душыць яе куранятаў. Яна папрасіла суседа пры нагодзе падстрэліць жывёлу. 22 жніўня да мужчыны прыбегла ўнучка жанчыны і папрасіла стрэліць у ката, які якраз сядзеў на плоце. Мужчына стрэліў, але шрот, зрыкашэціўшы, пацэліў у саму суседку, якая прасіла разабрацца з катом. Яна, дарэчы, тым часам гаспадарыла на гародзе за плотам.
Мужчына — паляўнічы, мае дакументы на паляўнічую стрэльбу. На яго склалі пратакол за страляніну ў населеным пункце, яму пагражае штраф.
Пра лёс ката міліцыя інфармацыі не мае.
Фота — cosmozona.ru