“Жыве Беларусь!” прагучала ў Гайд парку

Нягледзячы на тое, што Лонданскі Гайд-парк вядомы сваім кутком, дзе беспакарана можа выступіць кожны – з любой нагоды і без цэнзуры, у турму пасля свайго выступу усё ж можна патрапіць.
Пастаянны прамоўца, які называе сябе сатаной і хлусам, выступае ў Гайд парку не першы дзесятак год. За гэты час яго не раз збівалі і неаднойчы ён трапляў у турму.

Сатана: “Часам са слухачамі вельмі цяжка. Бачыце, тут паліцыя? Чаму? Таму што яны чакаюць праблемаў. Я сядзеў у турме, на мяне нападалі і білі. Таму што некаторыя людзі расстраіваюцца і злуюцца”.

Аднак выступ Сатаны, на які мы патрапілі, быў даволі спакойным і цягнуўся ўсяго гадзіны 4... Гэта нічога ў параўнанні з тым, што даводзілася выстаяць тут выступоўцу раней – 12 гадзінаў... Ён ні разу не рыхтаваўся да прамоваў загадзя. Па яго словах, тэмы вызначае аўдыторыя.

Сатана: Бывала, я выступаў з 10 раніцы да 10 вечара.
ЕРБ: На якую тэму?
Сатана: Спадарыня, тэмаў няма. Справа не ў прамове, а ў слухачах. Таму што калі вы бачыце аўдыторыю, ідэі прыходзяць і плывуць самі па сабе, і кіруюцца яны аўдыторыяй. Слухачы таксама выказваюцца і мы рухаемся разам.

Да абеду выступоўцаў у Гайд-парку пабольшала. Амаль дзесятак мужчынаў рознага ўзросту стаялі на зэдліках ды лесьвічках на адлегласці ў некалькі метраў адзін ад аднаго і прамаўлялі на абсалютна розныя тэмы: пра тое, што ў свеце забіваюць зашмат жывёлаў, пра Каран і Біблію, пра Барака Абаму і Джона Маккейна… Ды проста сварыліся паміж сабой і часам даходзіла нават да рукапрыкладства.

У Беларусі няма такога месца, як у лонданскім Гайд парку. Але наш суразмоўца запэўніў, што насамрэч гэткія месцы ёсць паўсюль: на кухні, у бары і замкнёных кабінетах...

Сатана: “Ёсць такія месцы, ёсць. Людзі выказваюцца на кухні, у барах, кавярнях, у сем'ях і з сябрамі. Але куток прамоўцаў у Гайд парку як інстытут -  гэта акт несвабоды. Ён дае вам ілюзію, што вы свабодныя. І ў момант, калі вы выказаліся, вы згубілі ўсю сваю энергію, вы стаміліся, вы ідзяце дадому і не можаце сябе арганізаваць”.

І ўсё ж, нягледзячы на тое, што выступоўца ўсяго толькі растрачве сябе ў Гайд парку, ён штонядзелю вяртаецца сюды зноў і зноў, бо дзе яшчэ ягоныя прыватныя і некваліфікаваныя думкі на любую тэму пагодзяцца слухаць столькі людзей ды яшчэ і задарма?

Сатана: “Я выступаю дзеля задавальнення, і каб сустрэцца з людзьмі з усяго свету. Інакш вельмі цяжка сустрэць людзей з Беларусі, з розных куткоў Велікабрытаніі. Для гэтага мне не трэба падарожнічаць. Усё, чаго мне гэта каштуе, - квіток на аўтобус. І людзі прыходзяць і сустракаюцца са мной. І ў іх я таксама вучуся”.

Мы вырашылі не чакаць, пакуль вернемся на беларускую кухню, а там жа, у Гайд парку, праверыць, ці абразіць каго-небудзь у Лондане наш лозунг “Жыве Беларусь!”. На нашае шчасце, лозунг брытанцы ўспрынялі адэкватна і не кінуліся нас збіваць. Таксама спакойнымі засталіся і паліцыянты, якія дзяжурылі побач.



   
   
   




















Фота: Віталіна Грахоўская