Злачыннасць ў Еўропу цягнецца з Расіі ды краін былога СССР

Крымінальныя групоўкі з Расіі кантралююць большую частку злачынстваў, якія адбываюцца на Лазурным беразе, піша брытанская газета Daily Telegraph. Практычна ва ўсіх злачынствах, якія адбываюцца на поўдні Францыі, замяшаныя выхадцы з Расіі ды краін былога Савецкага Саюза. Іх баіцца нават паліцыя. Яшчэ ў сакавіку паліцыянты арыштавалі 69 чалавек з так званай грузінскай мафіі, якія дзейнічалі адразу ў 6 краінах.

На мінулым тыдні ў Ніцы быў збіты адзін з паліцыянтаў у цывільным. Ён зрабіў заўвагу цёмнавалосаму чалавеку, які хацеў купіць цыгарэты без чаргі. У адказ атрымаў некалькі моцных удараў у твар. Як паведамляе выданне, у злачынстве падазраюць чачэнцаў.

Па звестках французскай паліцыі, кіруюць гэтымі людзьмі злодзеі ў законе, якія атрымліваюць па 10% ад кожнай здабычы. А здабытыя злачынным шляхам грошы ўкладваюцца ў гандаль нафтапрадуктамі і наркотыкамі.