ЗША патрабуюць дапусціць консула да Зэльцэра, які сядзеў у СІЗА КДБ

ЗША заклікаюць урад Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і забяспечыць неадкладны і рэгулярны доступ да затрыманага ў Мінску амерыканскага грамадзяна Эмануіла Зэльцэра. У заяве намесніка прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Тома Кейсі гаворыцца, што Злучаныя Штаты занепакоеныя станам здароўя Зэльцэра, які мае захворванне і мусіць штодня ўжываць адмысловыя медыкаменты.

Ён падкрэсліў, што консулу было адмоўлена ў спатканні з амерыканскі грамадзянінам, які ўтрымліваўся ў турме КДБ, а нядаўна трапіў у "дзяржаўны псіхіятрычны шпіталь", інфармуе "Інтэрфакс".

Нагадаем, Зэльцэр быў затрыманы у мінскім аэрапорце 12 сакавіка. У СМІ выказвалася меркаванне, што прычынай арышту адваката стала справа са спадчынай памерлага ў Лондане мільярдэра Бадры Патаркацышвілі.

Зэльцэр са сваяком Патаркацышвілі, нібыта, спрабавалі завалодаць маёмасцю мільярдэра з дапамогай падробленых дакументаў.