З'явіўся анонс фільма пра дзеяча антысавецкага падполля Лапіцкага

Анонс фільма пра дзеяча моладзевага антысавецкага падполля Расціслава Лапіцкага (1928 — 1950) з'явіўся ў Сеціве. Новы дакументальны гістарычны фільм "Як пошуг маланкі" зняў рэжысёр Валерый Мазынскі. Яго прэм'ера на тэлеканале "Белсат" запланаваная на восень. Нагадаем, Расціслаў Лапіцкі ў 1948-1949 гадах кіраваў антыкамуністычным падпольным вучнёўскім рухам у Мядзельскім і Смаргонскім раёнах. Прысуджаны да расстрэлу, 22 -гадовы юнак адмовіўся падпісаць просьбу аб памілаванні. Фільм быў зняты паводле аднайменнай кнігі, якую напісаў гісторык Міхась Чарняўскі.