Аляксандр Лукашэнка: Расце міжнародны аўтарытэт Беларусі

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў з угодкамі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. З гэтай нагоды 7 лістапада ў нашай краіне будзе выходны дзень.
Нагадаем, у выніку дзяржаўнага перавароту 91 год таму ў Расіі прыйшлі да ўлады бальшавікі на чале з Ульянавым-Леніным, якія ў наступныя гады здолелі ліквідаваць унутраную апазіцыю, адбіць замежную інтэрвенцыю, падначаліць нацыянальныя рэспублікі, у тым ліку і Беларусь, якія праглі незалежнасці. Ад бальшавіцкага тэрору ў СССР загінулі дзясяткі мільёнаў чалавек. Толькі ў 1991 годзе камуністы згубілі ўладу, а нацыянальныя рэспублікі здабылі незалежнасць ад Масквы.

Паводле паслання Лукашэнкі, кастрычніцкія падзеі ў Расіі адкрылі "новую старонку ў сусветнай гісторыі". І цяпер Беларусь, "аддаючы даніну павагі гістарычным падзеям... упэўнена рухаецца наперад". Кіраўнік дзяржавы адзначае, што ў апошнія гады "расце міжнародны аўтарытэт Беларусі", дынамічна развіваецца эканоміка, паляпшаецца жыццё людзей, умацоўваецца сацыяльна-палітычная стабільнасць у грамадстве, інфармуе БЕЛТА.