Амаль 600 пакістанцаў не вярнуліся з Беларусі на радзіму

Сцяг Пакістана

Сцяг Пакістана / pixabay.com

580 грамадзян Пакістана паехалі ў Беларусь і не вярнуліся на радзіму. Такую лічбу назваў гендырэктар Федэральнага следчага агенцтва Пакістана Усман Анвар на пасяджэнні па нелегальнай міграцыі і рэформе ў крымінальным праве. Яго словы перадае мясцовае выданне The Express Tribune.

Чыноўнік расказаў таксама, што 10 000 пакістанцаў выехалі ў Вялікабрытанію па студэнцкіх візах і пазней папрасілі палітычны прытулак у гэтай краіне. З Азербайджана не вярнуліся 7000 чалавек, якія паехалі па турыстычных візах. Яшчэ 175 пакістанцаў былі арыштаваныя ў Лівіі, а потым дэпартаваныя ў Пакістан.

Улады Беларусі заяўлялі, што праз допуск пакістанцаў хочуць кампенсаваць недахоп працоўнай сілы. Увесну 2025 года Лукашэнка казаў, што Беларусь гатовая прыняць да 150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана. Праз год быў падпісаны закон, які вызначае парадак прыезду пакістанскіх працоўных мігрантаў. Аднак Польшча, Літва і Латвія рэгулярна паведамляюць, што на мяжы з Беларуссю затрымліваюць мігрантаў, у тым ліку грамадзян Пакістана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.