Амерыканцы паспяхова збілі аварыйны спадарожнік

Ракета, запушчаная з борта крэйсера паветрана-марскіх сілаў ЗША, паспяхова збіла аварыйны спадарожнік-шпіён.
Пра гэта гаворыцца на афіцыйным сайце Пентагона, інфармуе Lenta.ru. Згодна з паведамленнем спадарожнік-шпіён быў збіты на адлегласці 247 кіламетраў ад зямлі.

Дробныя абломкі касмічнага апарата, як чакаецца, поўнасцю згараць пры праходжанні праз шчыльныя пласты атмасферы на працягу бліжэйшых 24-48 гадзін.

Рашэнне збіць спадарожнік, які сышоў з арбіты, было прынята з-за таго, што ў яго паліўным баку заставалася высокатаксічнае рэчыва гідразін. У выпадку падзення спадарожніка на зямлю, гідразін мог бы выклікаць забруджванне навакольнага асяроддзя і стварыць пагрозу для людзей.

Падрабязнасці аперацыі будуць апублікаваныя падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Пентагоне, якая адбудзецца раніцай 21 лютага.