Анатоль Лябедзька: Цяпер стаіць пытанне пра далейшы лёс АДС

Кандыдаты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, хутчэй за ўсё, працягнуць удзел у выбарчай кампаніі да яе завяршэння. Адпаведнае рашэнне узгоднена кіраўніцтвам АДС і вынесена на разгляд палітрады, пасяджэнне якой пройдзе 21 верасня.
Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё паведаміў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Паводле яго слоў, у праект рашэння ўнесеныя дзве ўзгодненыя пазіцыі: АДС на падставе шматлікіх парушэнняў не прызнае легітымнасць і справядлівасць выбараў, а, па-другое, дэмакратычныя кандыдаты працягнуць удзел у кампаніі да яе завяршэння, каб арганізаваць паўнацэннае назіранне за падлікам галасоў і выявіць новыя факты фальсіфікацый.

Анатоль Лябедзька: “Гэта праца будзе ў першую чаргу праводзіцца і канцэнтравацца там, дзе ёсць канкурэнтназдольныя кандыдаты ў дэпутаты ад АДС. Такіх акругаў будзе каля 25”.

На пасяджэнні прэзідыума акрамя Лябедзькі прысутнічалі Аляксандр Казулін, Сяргей Калякін і Лявон Баршчэўскі, які не раз падкрэсліваў, што катэгарычна выступае за байкот выбараў. Анатоль Лябедзька адзначыў, што самае галоўнае ў прынятым рашэнні — гэта кампраміс, якога ўдалося дасягнуць паміж рознымі ўдзельнікамі АДС.

Анатоль Лябедзька: “Насамрэч, мы ўчора, відаць, прынялі больш значнае рашэнне, чым тое, што я агучыў. Стаіць пытанне пра лёс Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. І цяпер, і пасля выбараў. Тое кампраміснае рашэнне, прынятае прэзідыумам, адкрывае новыя перспектывы і працуе на ўмацаванне АДС як кааліцыі. Вось гэта самы галоўны вынік нашых учорашніх сустрэч і нашых учорашніх рашэнняў”.