Андрэй Хадановіч выпісаў два рэцэпты Сяргею Дубаўцу
Еўрарадыё паразмаўляла з паэтам Андрэем Хадановічам пра яго новую пасаду старшыні ПЭН-цэнтру, прэмію “Гліняны Вялес” ды праблемы маладых літаратараў. Еўрарадыё: На гэтым тыдні былі названыя пяць прэтэндэнтаў на прэмію “Гліняны Вялес” за лепшую кнігу, выдадзеную ў гэтым годзе. Каму б з іх вы далі ўзнагароду?
Андрэй Хадановіч: Сёлета мае чытацкія амбіцыі вельмі і вельмі пацешыліся. Пабачыўшы пяцёрку фіналістаў, я зразумеў, што ўсе прадстаўленыя кніжкі я ўжо чытаў, а адну з іх нават напісаў. Кожнае з пакаленняў і, скажам умоўна, эстэтычных арыентацый вельмі рэпрэзентатыўна прадстаўлена.
Дзве кніжкі мэтраў нашай прозы: "Мільярд удараў" Юрыя Станкевіча і зборнік фрэсак "Жыць ня страшна" Барыса Пятровіча. І перад першым, і перад другім літаратарамі здымаю нябачны капялюш. Прадстаўлена найнавейшая, наймаладзейшая літаратура раманам "Бег" Аляксея Талстова - яна таксама вартая быць адзначаная.
Магу быць неаб'ектыўным, але паэзія ў гэтым спісе мяне цікавіць яшчэ больш. Напрыклад, зборнік "Анадыямена" Галіны Дубянецкай. У вузкіх колах ужо з дзесятак гадоў, а можа болей, ведаюць адну з найлепшых беларускіх паэтак Дубянецкую. Але яна абсалютная рэкардсменка недрукавання кніг. У 90-х яна друкавалася ў "Крыніцы" і "Першацвеце". Кожная яе паэтычная публікацыя была падзеяй для чытачоў. Цяпер гэта ўсё нарэшце сабралася ў выніковую кніжку, фактычна, кнігу жыцця і паэтычнай творчасці Галіны Дубянецкай. Калі эксперты пройдуць міма гэтага, будзе вялікая несправядлівасць. Бо той жа самы яе паэтычны канкурэнт нехта Андрэй Хадановіч фактычна кожны год можа пісаць і выдаваць новую кніжку. Можа быць, гэта далёка не апошняя для яго аказія атрымаць "Глінянага Вялеса". Але мне асабіста было б вельмі прыемна, калі б Галіна Дубянецкая атрымала гэты "Вялес".
Еўрарадыё: На ваш погляд, наколькі аб’ектыўна звычайна прысуджаецца прэмія?
Андрэй Хадановіч: Мне знаецца, што ў арганізатара прэміі Алеся Аркуша ёсць жаданне не проста зрэагаваць на добрую кніжку, а часам даць гэта навырост. У гэтым сэнсе вельмі ўдалым і своечасовым "Гліняны Вялес" быў для першай кніжкі Альгерда Бахарэвіча некалькі гадоў таму. Але кожная наступная яго кніжка пацвярджае, што ўзнагарода была невыпадковая.
Відавочна, бясспрэчныя апошнія "Вялесы" дадзеныя Валянціну Акудовічу за "Дыялогі з богам" альбо Алегу Мінкіну за яго выніковую паэтычную кніжку "Пенаты".
Бывалі і больш выпадковыя "Вялесы". Часам на аўтараў ускладаюцца нейкія надзеі, але ж аўтар нікому нічога не павінен і можа іх не апраўдаць. Ён можа з'явіцца з неадкуль і знікнуць у нікуды разам з полацкім "Гліняным Вялесам". Нічога ганебнага ў гэтым учынку няма.
Еўрарадыё: Днямі Сяргей Дубавец у сваім блогу апублікаваў крытычны водгук на кнігу вершаў маладога паэта Сяргея Прылуцкага “Дзевяностыя forever”. Вершы Прылуцкага ён назваў “наборам з ванітаў, наркаты і клазэтных рэаліяў”. Ці згодны вы з гэтым?
Андрэй Хадановіч: Крытыка адным вельмі паважаным, шаноўным чалавекам другога, якога я проста пяшчотна люблю выклікала супярэчлівыя пачуцці. Як не дзіўна, найперш, гэта пачуццё радасці, бо адбылася пэўная інфармацыйная падзея. Хто б мог падумаць: маленечкая кніжка паэзіі, а тут такі слынны ідэолаг з імем славутага адраджэнца, абвяргальніка аўтарытэтаў, стваральнікаў новага канона з усёй сваёй эсэістычнай моцай і магутнасцю накінуўся на паэта Сяргея Прылуцкага. Без паправак на розную вагавую катэгорыю. Па-мойму, гэта спецыфічная беларуская форма прызнання.
Думаю, што Сяргею чытаць тое, што выказаў яго старэйшы цёзка было крыўднавата. Зразумела, што паэзія, як аб'ект крытыкі, тут не столькі сама мэта, колькі матэрыял для самавыражэння аўтара. Дубаўцу карцела сутыкнуць розныя эпохі, паказаць розніцу ў бачанні свету розных генерацый. Відавочна, што старэйшае пакаленне не можа прыняць пэўнай эстэтыкі, пэўнай асобнасці светабачання маладзейшых калегаў.
Можа быць, гэта пачуванне чалавека, чыя маладосць не супадае з маладосцю Прылуцкага. Таму само слова "дзевяностыя", вакол якога круціцца палова эсэ Дубаўца, азначае абсалютна іншы каштоўнасны шэраг для нашага крытыка. Прыемна, што Дубаўца кранулі тры вершы з алюзіяй на Роберта Фроста. Непрыемна, што пакінулі абыякавымі згадкі і алюзіі на Одэна, на Бродзкага, на Анджэя Бурсу, на Юрыя Андруховіча і шматлікіх іншых аўтараў.
Тут два рэцэпты. Альбо чытаць кніжкі культавыя у моладзі, значныя для новага пакалення і тады крышачку інакш расчытваць інтэлектуальныя коды. Альбо часцей слухаць маладзёнаў у "пясочніцы", песенькі ў альтанцы. Далібог яны змяніліся з часоў гомельскай маладосці спадара Дубаўца.
Еўрарадыё: Ці можна вас павіншаваць з пасадай старшыні беларускага ПЭН-цэнтру, на якую вас нядаўна абралі?
Андрэй Хадановіч: Многія сябры павіншавалі мяне з гэтай падзеяй, а найбольш абазнаныя людзі выказалі сваё спачуванне і слушна зрабілі. Бо найбольш гэта клопаты і зацыкленасць, але добрая зацыкленасць на пэўных праблемах, якія трэба будзе вырашаць. Прычым, адразу папярэджу ўсіх злапыхальнікаў, вырашаць прыйдзецца на абсалютна грамадскіх добраахвотных пачатках.
Еўрарадыё: Цяпер вам, відаць, давядзецца набыць мабільнік, без якога вы раней неяк абыходзіліся?
Андрэй Хадановіч: Нармальным рашэннем было б яго завесці. Хаця б, як мой сябар, паэт з Украіны, які не мае мабільніка на штодзень, але заводзіць яго сабе на час фестываляў, якія праводзіць. Але баюся, што пацерпіць мая жонка Марына. Я і раней у экстраных выпадках карыстаўся яе мабільнікам, а цяпер буду проста бязбожна.
Еўрарадыё: Што вы плануеце зрабіць на новай пасадзе?
Андрэй Хадановіч: Я не фігурны мастак віламі па вадзе даваць неправераныя абяцанні. Але, зразумела, хочацца, каб дзейнасць ПЭН-цэнтру зрабілася шырэйшай і больш відавочнай. Напрыклад, было б хораша, каб пэўная частка беларускіх літаратараў часцей трапляла ў Еўропу і свет. Добра было б зладзіць не намінальна, а сапраўды міжнародны літаратурны фестываль у Беларусі. Думаю, што спрычыніцца да гэтага па сілах ПЭН-цэнтру.
Фота - Павел Насцін