Асабісты тавар ці на продаж, мытнікі вызначаюць паводле закрытага дакумента
Пра гэта заявіў кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі.
У інтэрв'ю газеце "СБ — Беларусь сегодня" ён паведаміў пра змены ў падыходах да бязмытнага правозу асобных тавараў з-за мяжы. Нагадаем, што змены пачалі дзейнічаць з пачатку жніўня. Найбольшыя абмежаванні зазналі "чаўнакі", якія часта выязджаюць за мяжу па тавары.
Сярод іншага Аляксандр Шпілеўскі заявіў, што мытнікі вызначаюць тавары для асабістага карыстання, зыходзячы з заявы фiзiчнай асобы, характару і колькасці тавараў, частаты перасячэння мяжы і перамяшчэння тавараў. "Гэтая працэдура ажыццяўляецца ў адпаведнасці з артыкулам 3 Дамовы з ужываннем сістэмы кіравання рызыкамі. У сваю чаргу, пытанні прымянення сістэмы кіравання рызыкамі рэгулююцца лакальным нарматыўным прававым актам ДМК, які з'яўляецца закрытым дакументам і выкарыстоўваецца толькі для службовых мэтаў", — заявіў чыноўнік. Па яго словах, у дакуменце выразна сфармуляваныя крытэрыі і індыкатары рызык магчымага парушэння мытнага заканадаўства.
Грамадзяне, якія часта перасякаюць мяжу, не змогуць прачытаць закрыты дакумент. Але для іх на сайце Мытнага камітэту ёсць Метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні прызначэння і кошту тавараў, што перамяшчаюцца фізічнымі асобамі. З іх можна даведацца пра асобныя падыходы і крытэрыі, якімі карыстаюцца мытнікі.