А.Суздальцаў: Усе спісы "дэпутатаў-апазіцыянераў" рабілі спецслужбы

Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў пракаментаваў Еўрарадыё вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў. Нагадаем, ніводнага апазіцыянера там не будзе, хаця напярэдадні выбараў шмат гаварылася, што некалькі чалавек туды "прапусцяць".
Андрэй Суздальцаў лічыць, што вынік выбараў заканамерны і што мы сталі сведкамі "поўнага правалу беларускай апазіцыі", а пра яго яе папярэджвалі:

"Ім жа упрост гаварылася, у тым ліку і з Масквы: хлопцы, вас будуць "зліваць". Усе гэтыя спісы рабілі спецслужбы і запускалі іх у беларускую грамадзянскую супольнасць... Іх трымалі, іх падбадзёрвалі, з імі гулялі, яны ў гэтай гульні ўдзельнічалі".

Андрэй Суздальцаў перакананы, што ўдзел апазіцыі ў выбарах толькі паспрыяла "легітымізацыі Лукашэнкі". А магчымасць правядзення дэмакратычнымі сіламі агітацыі гэта ніяк не апраўдвае, хутчэй гуляе на карысць улады, лічыць ён.

Суздальцаў прагназуе, што частка апазіцыі пасля "элегантнай перамогі" пераўтворыцца ў дысідэнтаў:

"Празаходняя частка апазіцыі - яе проста "злілі", другая частка пераўтворыцца ў дысідэнтаў. А трэцяя частка будзе шукаць свой новы шлях... Новая апазіцыя некалі створыцца, але гэта будзе іншая краіна і іншая ўлада".

Фота - photo.bymedia.net