БДУ ўсё ж увёў аплату за пераздачы экзаменаў і залікаў
Рэктар БДУ зацвердзіў новае Палажэнне аб арганізацыі атэстацыі асобаў, якія не здалі экзамены, залікі, а таксама не прайшлі іншыя формы кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці. Палажэнне прадугледжвае збіранне платы за за ліквідацыю акадэмічнай розніцы, а таксама паўторнае праходжанне бягучай і выніковай атэстацыі. Палажэнне ўступае ў сілу з 1 студзеня 2016 года, паведамляе прэс-служба БДУ.
Адміністрацыя навучальнай установы заяўляе, што ў базавы кошт атрымання адукацыі, як той, што фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, так і той, што ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў грамадзян, уваходзіць толькі аднакратная здача залікаў і экзаменаў.
“У выпадку ўзнікнення акадэмічнай запазычанасці дзейнае заканадаўства трактуе такую пераздачу як адукацыйную паслугу, якая павінная аказвацца пры ўмове кампенсацыі яе кошту”, — адзначае адміністрацыя БДУ.
Плата за паўторную здачу залікаў і экзаменаў ўжо даўно ўведзена ў большасці беларускіх ВНУ. Галоўны ўніверсітэт да апошняга часу заставаўся адным з нямногіх, дзе гэтая практыка не ўжывалася.
На думку адміністрацыі ўстановы, унясенне платы за паўторную здачу экзаменаў і залікаў стане дадатковым стымулам для тых, хто не надае належнай увагі вучобе ў ВНУ.
Цяпер студэнтам, якія дапусцілі акадэмічную запазычанасць, у тым ліку ў выпадках няяўкі без важкай прычыны на экзамен ці залік, неабходна будзе аплаціць паўторную здачу.
Фота: dev.by